Геаметрыя ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і лічыцца адной з першых навук. З’яўленне геаметрычных ведаў звязана з практычнай дзейнасцю людзей. У перакладзе са старажытнагрэчаскай мовы «геаметрыя» абазначае «вымярэнне зямлі». Некаторыя геаметрычныя факты сустракаюцца ўжо ў вавілонскіх клінапісных таблічках і егіпецкіх папірусах (3-е тысячагоддзе да н. э.). Старажытныя грэкі надавалі вялікую ўвагу вывучэнню геаметрыі. Імёны такіх вучоных, як Эўклід, Архімед, Піфагор назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю чалавечага мыслення. На акадэміі старажытнагрэчаскага філосафа Платона быў выбіты надпіс: «Ды не ўвойдзе сюды той, хто не ведае геаметрыі». Адукаваны чалавек абавязаны быў ведаць геаметрыю.








