Геаметрыя, 8 клас, Казакоў В.У., 2018.
У 8-м класе вы працягнеце вывучэнне геаметрыі. Вы ўжо ведаеце, што геаметрыя разглядае геаметрычныя фігуры і іх уласцівасці. Ніжэй мы ўспомнім, якія фігуры вы вывучылі ў 7-м класе. А пакуль паглядзіце навокал. Вокны, дзверы, сцены будынкаў — усе яны маюць прамавугольную форму. Прамавугольнік — самая распаўсюджаная рукатворная геаметрычная форма. Сонца, Месяц, планеты, у тым ліку і наша Зямля, зрэз ствала дрэва, яблык або апельсін маюць круглую форму. Гэта гаворыць аб тым, што для прыроды характэрны акруглыя формы. У 8-м класе мы будзем вывучаць і прамавугольнікі, і акружнасці.
